Рейтинг@Mail.ru

7 красавіка у актавай зале абласной бібліятэкі прайшла гадзіна памяці «Вогненныя сёстры Хатыні», прысвечаная 75-годдзю Хатынскай трагедыі, а таксама памяці жыхароў вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Госцем гадзіны памяці быў паэт, старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Мікалаевіч Казека. Супрацоўнікі аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры, пры дапамозе мультымедыйнай прэзентацыі, расказалі прысутным пра знішчэнне беларускага насельніцтва карнымі атрадамі ў акупацыйны перыяд; пра жудасныя падзеі 22 сакавіка 1943 года, калі вёска Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці была спалена разам з жыхарамі.

На Магілёўшчыне ёсць вёскі, якія падзялілі лёс Хатыні, яе «вогненныя сёстры»: Стэфанава Бялыніцкага раёна, Гараны і Дубінка Магілёўскага раёна, Боркі Кіраўскага раёна. Вёску Боркі называюць «абласной Хатынню». Тут фашысты ўчынілі адну з самых буйных карных аперацый супраць мірнага насельніцтва Беларусі, у час якой загінула больш за 1800 чалавек.

Алесь Мікалаевіч Казека Боркаўскай трагедыі прысвяціў паэму «Марыйка». Паэт расказаў, што ў аснову твора пакладзены падзеі, што адбываліся ў жыцці яго маці Марыі Восіпаўны, падзяліўся з прысутнымі яе успамінамі. Ён заклікаў моладзь памятаць пра трагічныя і жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, дзеля таго каб яны не паўтарыліся.

Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі відэазапіс урыўка з паэмы «Марыйка» ў выкананні Народнага тэатра Палаца культуры вобласці пад кіраўніцтвам А. І. Кусковай. Завяршыла мерапрыемства хвіліна маўчання ў памяць згарэлых у агні жыхароў беларускіх вёсак.

Автор : joomla блоги